ПРАЕКЦЫ́ЙНЫ АПАРА́Т, праектар,
оптыкамеханічная прылада для праектавання з павелічэннем на экран відарысаў плоскіх арыгіналаў; чарцяжоў, рысункаў, фотакопій і інш. Бываюць стацыянарныя і перасоўныя.
П.а. для праектавання празрыстых арыгіналаў наз. дыяскопамі, непразрыстых арыгіналаў у адбітым святле — эпіскопамі, празрыстых і непразрыстых — эпідыяскопамі. Аптычная частка П.а. складаецца з асвятляльнай сістэмы (крыніцы святла і кандэнсара) і праекцыйнага аб’ектыва. Мех. частка служыць для размяшчэння арыгінала адносна аптычнай часткі, яго змены і інш. Выкарыстоўваюць у кінематаграфіі, чарцёжнай справе, у час лекцый, дакладаў і інш. Гл. таксама Кінапраекцыйны апарат, Фатаграфічны павелічальнік.
т. 12, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)